Літаратурная творчасць
“Я на ўсё жыццё абраў дарогу,
На якой калючак больш, чым руж…”
А.Куляшоў
Аркадзь Куляшоў належыць да тых творцаў, з імёнамі і творамі якіх звязана сусветнае значэнне беларускай літаратуры.
Яго творчасць цесна звязана з традыцыямі, закладзенымі ў беларускай паэзіі яшчэ Я.Купалам і Я.Коласам. Яна адлюстроўвае найбольш складаныя і пераломныя перыяды нацыянальнай гісторыі, фарміравалася пад уплывам падзей, што адбываліся ў краіне. Усебакова і пераканаўча малюе паэт жыццё народа, раскрываючы ідэйныя асновы, якія аб’ядноўвалі людзей, іх супольную веру і агульныя намаганні.
Аўтар кніг паэзіі “Росквіт зямлі” (1930), “Па песню, па сонца!.. ”, “Медзі дождж” (1932), “У зялёнай дуброве” (1940), “Добры чалавек” (1941), “На сотай вярсце” (1945), “Новая кніга” (1964), “Сасна і бяроза” (1970), “Мая Бесядзь” (1973), “Хуткасць” (1976), “Крылы” (1985), “Профілі” (1987), “Маналог” (1989) і інш. Напісаў паэмы “Крыўда” (1930), “Аманал” (1933), “Хлопцы апошняй вайны” (1940), “Баранаў Васіль” (1941), “Сцяг брыгады” (1943), “Прыгоды цымбал” (1944), “Дом № 24” (1944), “Простыя людзі” (1949), “Грозная пушча” (1958), “Цунамі” (1968), “Далёка да акіяна” (1972), “Варшаўскі шлях” (1973), “Хамуціус” (1975) і інш.
Скончыўшы чарговую паэму, Аркадзь Куляшоў адпачываў, перакладаючы творы ўлюбёных пісьменнікаў – А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, С. Ясеніна, Т. Шаўчэнкі…
Аркадзь Куляшоў вельмі самакрытычна ставіўся да сваіх твораў. Нягледзячы на тое, што з друку кніга за кнігай выходзяць зборнікі вершаў, якія прыхільна ацэньваюцца крытыкай і маюць поспех у чытача, паэт знаходзіцца ў пастаянным пошуку.
Аркадзь Аляксандравіч шмат працаваў над удасканаленнем паэтычнага майстэрства. Пры падрыхтоўцы твораў да публікацыі, іх перавыдання, ён перачытваў тэксты, уносіў праўкі. У выніку асобныя творы атрымалі літаратурнае жыццё ў новай рэдакцыі, са змененай назвай і датай напісання.
У лірыцы А. Куляшова 60—70-х гг. выявіліся вялікія духоўныя і фізічныя мажлівасці чалавека – прага дзейнасці, адчуванне сваёй асабістай велічы і вартасці, адказнасць за «цяжкую пасаду паэта», за лёс Айчыны, разуменне сутнасці гістарычных падзей і ўсеагульнай сувязі з'яў:
Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе,
Забраць мяне з сабой, а я руку
Гарачую працягваю прыродзе –
З дваццатага ў трыццатае стагоддзе.
Падышоўшы да захаду свайго жыцця, Аркадзь Куляшоў звяртаецца да філасофскіх тэм: існаванне чалавека на зямлі, захаванне планеты, недапушчальнасць у парушэнні нормаў жыцця.
Цікавая і змястоўная творчая лабараторыя Аркадзя Куляшова. Многае з напісанага ім створана на канкрэтным жыццёвым матэрыяле.
Паэт напісаў сцэнарыі фільмаў “Чырвонае лісце” (з А. Кучарам, паст. у 1958), “Першыя выпрабаванні” (па трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”, 1960 – 1961), “Запомнім гэты дзень” (з М. Лужаніным, паст. у 1967).