Паэт-перакладчык
“Работа над перакладам “Яўгенія Анегіна”, бясспрэчна, узбагаціла мяне як паэта. Я ўпэўнены, што пераклады класічных твораў, а ў асаблівасці паэзіі Пушкіна, для кожнага паэта могуць з’явіцца школай паэтычнага майстэрства”.
А.Куляшоў
Аркадзь Куляшоў сябраваў з многімі паэтамі шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Яго паэзія ўвабрала ў сябе жыццёвы шлях народа, перажытае і вынашанае менавіта ім самім, усе яго думкі і мары. Кожны яго верш асветлены непаўторным каларытам чалавечых адчуванняў.
Аркадзь Куляшоў не толькі пісаў, але ж з поспехам перакладаў на беларускую мову вершы класікаў рускай паэзіі – Пушкіна, Лермантава. Куляшоў-перакладчык тонка адчуваў індывідуальнае майстэрства кожнага з тых аўтараў, чые творы цудоўна загучалі на беларускай мове. Яго пяру належыць шмат перакладаў рускай, украінскай і замежнай паэзіі.
У яго высокамастацкім перакладзе выйшлі паэма А.С. Пушкіна “Цыганы” (1937) і раман у вершах “Яўгеній Анегін” (1949), паэма А. Парніса “Сказанне пра Белаяніса” (1959), “Выбраная паэзія” М.Ю. Лермантава (1969), паэма “Энеіда” І. Катлярэўскага (1969), “Спеў аб Гаяваце” Г. Лангфела (1969), зборнік вершаў К. Куліева “Кніга зямлі” (1974), “Выбранае” Сяргея Ясеніна (з Р. Барадуліным, 1976), асобныя творы Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф'ева, М. Рыльскага, А. Малышкі, М. Нагнібеды, Р. Гамзатава і інш.
Асабліва плённай для Аркадзя Куляшова аказалася шматгадовая праца над перакладам шэдэўра рускай класічнай паэзіі – паэмы “Яўгеній Анегін”. Першы пераклад яе, закончаны напярэдадні вайны, амаль поўнасцю загінуў (засталося толькі 400 радкаў з шостага раздзела, надрукаваных у часопісе “Полымя”). Пасля вайны праца над перакладам паэмы А.С. Пушкіна зноў захапіла паэта.
Аркадзь Куляшоў прыняў удзел у падрыхтоўцы да выдання аднатомніка твораў А.С. Пушкіна на беларускай мове і паспяхова пераклаў паэму “Цыгане”.
Марыў Куляшоў і аб працы над перакладам “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча. Жыццёвыя акалічнасці перашкодзілі здзяйсненню гэтай мары.
Па ўспамінах дачкі: “Шэкспіра бацька не перакладаў, але захапляўся яго творамі, чытаў іх і перачытваў напярэдадні працы над зборнікам вершаў “Новая кніга”.
Народны паэт часта не абазначаў у сваіх творах арыгінальных і перакладных твораў. У дзевяностыя гады паявіліся публікацыі пра недрукаваны варыянт верша Аркадзя Куляшова “Карусель”, а пазней высветлілася, што гэта быў пераклад аднайменнага твора ўкраінскага паэта Л. Первамайскага.
Пераклады мастацкіх твораў, па думцы самаго Куляшова, не толькі выпрабаваная вякамі, дзейсная форма культурных кантактаў паміж народамі, але і выдатная школа паэтычнага майстэрства. Вось чаму ў сваёй літаратурнай дзейнасці А.Куляшоў вялікую ўвагу надаваў мастацкаму перакладу.
Зa дзeйнacць y гaлiнe мacтaцкaгa пepaклaдy Аркадзь Куляшоў быў yзнaгapoджaны Дзяpжaўнaй пpэмiяй Бeлapyci. Творы самаго паэта перакладзены на многія мовы народаў СНД і за мяжою.