menu_b.jpg

На вайне пра вайну

"Мы без слёз іх хаваем, памятаем пра свой абавязак,
Нашы слёзы саромяцца мужных вінтовак і касак.
Мы не плачам, хоць знаем, не проста салдацкія косці
Засыпаем мы жвірам халодным, а большае штосьці..."

А.Куляшоў

Аркадзь Куляшоў як сапраўды вялікі паэт яшчэ задоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны прадчуваў, што вайна з фашызмам непазбежная. Паэма “Хлопцы апошняй вайны” – спроба паэта заглянуць у будучыню. Паэт разумее законы гістарычнага развіцця, ведае, што вайна рана ці позна прыйдзе на парог і яго хаты, але верыць у непазбежнасць разгрому змрочных сіл рэакцыі.

Аркадзь Куляшоў востра перажываў трагедыю першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня ён пакінуў разбураны Мінск, пяшком прайшоў “горкі шлях” да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. 

Важкім набыткам не толькі айчыннай, але і сусветнай літаратуры сталі творы Аркадзя Куляшова, напісаныя ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Ваенны час істотна змяніў матывы і вобраз лірычнага героя куляшоўскай паэзіі – яны “апрануліся ў вайсковы шынель” – і сталі салдатамі-абаронцамі.

Паэт паказаў гераізм і трагедыю народа, яго любоў да Айчыны і вернасць воінскаму абавязку. У вершах знайшлі адлюстраванне нязгасныя ў пакутныя часы пачуцці кахання, сяброўскай вернасці і мацярынскай вялікай любові.

Ва ўмовах франтавога жыцця Аркадзь Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У жніўні 1942 ён напісаў паэму “Сцяг брыгады” – кнігу пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параніным камісарам. У паэме “Дом №24” напісанай таксама ў гады вайны, паэт расказаў пра абуджэнне жыцця на папялішчах вайны, пра вяртанне да жыцця чалавечых душ, спапялёных вайной. Яго творы ў гады вайны не толькі гаварылі суровую праўду пра пакуты і мужнасць нашага народа – яны былі і застаюцца крыніцай духоўнай сілы чалавека.

Вяршыняй творчасці гэтага перыяду з’яўляецца паэма “Сцяг брыгады” – помнік духу чалавека на вайне. У паэме, напісанай у 1942 г. на Калінінскім фронце, адлюстраваныя падзеі першага ваеннага паўгоддзя.

Паэма “Прыгоды цымбал», вершы “Над брацкай магiлай”, “Балада аб чатырох заложнiках”, “Лiст з палону” належаць да лепшых узораў паэзii. Мужная непахiснасць, гарачы патрыятызм, душэўны боль за тых, хто трапiў у фашысцкую няволю, – галоўныя матывы гэтых твораў. Непасрэдны франтавы досвед, глыбокі роздум пра гістарычны лёс народа, цяжкасці паўсядзённага жыцця, імкненне гранічна шчыра, праўдзіва асэнсаваць “свет вялікі і цяжкі” знайшлі ў іх мастацкае ўвасабленне.

Больш за два гады Аркадзь Куляшоў адпрацаваў у франтавой газеце “Знамя Советов”. За гэты час ім было напісана для выдання шмат вершаў на рускай мове. Пераважная большасць з іх была на злобу дня – у іх расказвалася пра баявыя дзеянні, адвагу і гераізм салдат і інш.

Найбольшай папулярнасцю ў чытачоў карысталіся куляшоўскія вершаваныя фельетоны пра прыгоды салдата Аляксея Пятрова. Гэты літаратурный герой, па вялікаму рахунку, родны брат Васіля Цёркіна з аднайменнай паэмы А.Твардоўскага.

Як сцвярджаў літаратуразнаўца і крытык М. Грынчык, “амаль усё напісанае Куляшовым у вайну – народжана на такой вышыні, на такім накале грамадзянскага і патрыятычнага пачуцця, што ўвайшло ў нашу свядомасць не проста як выдатная літаратура, а як факт самой гісторыі, як жывое сведчанне таго, якіх вяршынь можа дасягнуць дух народны свайго максімальнага напружання”.

А. Куляшоў сярод супрацоўнікаў армейскай газеты
“Сцяг Саветаў” у раён Старой Русы.
Фотаздымак. РСФСР, 1941

А. Куляшоў на Паўночна-Заходнім фронце, раён Старой Руссы. Фотаздымак. 1941 г.

А. Куляшоў на фронце. Фотаздымак. [1941 – 1942 гг.].

Паэт А. Суркоў чытае свае вершы А.Куляшову на Бранскім фронце. Фотаздымак. РСФСР, 1943 г.

fon_boot_ss.jpg

© 2023  Библиотека Могилёвского государственного университета имени А. А. Кулешова
Адрес: 212022, г. Могилев, ул. Космонавтов, 1

Яндекс.Метрика