Цікава пра паэта
Аркадзь Куляшоў нарадзіўся на ўсходняй ускраіне Беларусі – у мястэчку Саматэвічы. Сам ён часцей за ўсё называў яе Саматэевічамі. У артыкуле “Мая Бесядзь” ён пісаў, што калісці, дакладна ніхто не ведае, на ўзбярэжжы ракі Чарнавуткі пасяліліся некалькі сем’яў. Ім гэтае месца спачатку не спадабалася, яны пакінулі яго і падаліся далей. А праз некоторы час вярнуліся. Старажылы, заўважыўшы іх, казалі: “Вунь самыя тыя…”. Адсюль, нібыта, і назва “Саматэвічы”.
«Гарызантальныя» вершы. Свае творы Аркадзь Куляшоў абдумваў звычайна лежачы. Гэтую яго творчую манеру добра ведалі родныя і стараліся не перашкаджаць: рабочы кабінет паэта ў такія моманты заўсёды быў зачынены, а ў іншых пакоях панавала цішыня, бо ўсе ўсведамлялі, што нават мінімальны рух мог адцягнуць увагу творцы.
Куляшоўскі літаратурны герой Аляксей Пятроў - гэта, па вялікаму рахунку, родны брат Васіля Цёркіна з аднайменнай паэмы А. Твардоўскага.
Нікога з беларускіх паэтаў так ахвотна не публікаваў Аляксандр Твардоўскі ў часопісе “Новый мир”, як Аркадзя Куляшова. Менавіта там з’явілася ў 1953 годзе паэма “Граніца”, рэгулярна публікаваліся вершы і рэцэнзіі на новыя кнігі Аркадзя Аляксандравіча.
Аркадзь Куляшоў меў iтальянскiя каранi. Яго прадзед па бацькавай лiнii, Фелiкс Мiльта, быў сынам арганiста-iтальянца, якога пан Галынскi прывёз з Польшчы ва ўнiяцкую царкву вёскi Стараселле, што на Магiлёўшчыне.
Аркадзь Куляшоў быў вялікім аматарам шахмат, у 1946 годдзе ўвайшоў у кіраўніцтва шахматна-шашачнай секцыі пры спорткамітэце БССР.
Па словах Міколы Аўрамчыка “ён меў першы разрад і шахматы былі ў ягоным жыцці стыхіяй. Пасля вайны Аркадзь Куляшоў намінальна быў рэдактарам “ЛіМа”. У рэдакцыю прыходзіў а 7-й гадзіне раніцы, каб знайсці партнёра для шахмат. Як знаходзіў, да канца дня яго больш не бачылі”.
Сын Максіма Танка распавядаў, што падчас паездкі на сесію ААН у Нью-Ёрк ён амаль не выходзіў з гатэлю – сядзеў ды гуляў у шахматы з вахцёрам.
Куляшоў працаваў па 16 гадзін у суткі і прывык да такога рытму жыцця. Таму, калі адпачываў ад напісання вершаў, перакладаў. Аднойчы рускі паэт Міхаіл Дудзін на поўным сур’ёзе сказаў Куляшову, што яго пераклад “Яўгена Анегіна” лепш за арыгінал.
Быў Аркадзь Куляшоў і вялікім футбольным заўзятарам: пачынаючы ад 1946 года ён рэдка калі прапускаў дамашнія матчы мінскага “Дынама”. У 1945 годзе ён пабываў у Лондане на футбольным матчы “Чэлсі” - “Дынама”. З таго часу ён і захапіўся футболам.
У Дзень Перамогi страляў у паветра. Пакаленне пiсьменнiкаў-франтавiкоў было дружным. Валянцiна Куляшова ўспамiнае, што Дзень Перамогi бацька святкаваў са сваймi суседзямi - Броўкам, Ахрэмчыкам, Платонавым. Выходзiлi ў двор i стралялi ў паветра. Зброя мелася - яны ж былi ваенныя. У Куляшова - пiсталет ТТ.
Рускі пераклад верша “Бывай” у свой час быў замоўлены паэту-песенніку Леаніду Дзербянёву. Але, будучы зроблены, так і застаўся збольшага на паперы, бо знікла ўся лірычная магія, якая была і застаецца ў арыгінале:
Шарж на класіка
Шарж – асобны жанр у выяўленчым мастацтве. У XIX і XX стагоддзях аб’ектамі для шаржаў станавіліся палітыкі, вядомыя дзеячы навукі, культуры і літаратуры. Графікі-шаржысты не абмінулі ўвагай і пісьменнікаў. Групавы шарж, намаляваў Сяргей Рыгоравіч Раманаў – беларускі мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Шарж быў прысвечаны 30-годдзю БССР. На ім Якуб Колас кіруе калгасам “Новая зямля”, ён выступае на паседжанні ў “Рыбаковай хаце” перад героямі сваіх твораў і чытачамі. Пятрусь Броўка ідзе з вялікім партфелем з “Роднага дома” да “Роднае хаты”, каб адтуль аглядаць “Родныя берагі”, на якіх буйна красуе беларуская літаратура. Аркадзь Куляшоў капае “Новае рэчышча”, імкліва нясе Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”. Максім Танк пасадзіў на кургане дрэва, на якім выраслі яго творы – паэма “Янук сяліба”, зборнік вершаў “Вастрыце зброю”. На граніцы нясуць варту “Нёманскія казакі” Янка Брыль і Янка Маўр, іх са свайго бліндажа перасцерагае Міхась Лынькоў – “Пільней трымайцеся на граніцы! “Навальніца” яшчэ не скончана”. Шарж можна разглядаць вельмі доўга, бо на ім намаляваны і многія іншыя беларускія пісьменнікі, ёсць звароты да іх твораў, і гэта сведчыць аб тым, што мастак быў добра знаёмы з беларускай літаратурай.
Яшчэ адзін цікавы шарж, на гэты раз групавы, належыць аўтарству Яўгена Маркавіча Ганкіна – беларускага мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, які працаваў у станковай і кніжнай графіцы, сатырычным малюнку, жывапісе. Шарж выйшаў з нагоды Трэцяга з’езда пісьменнікаў БССР. Ён прысвечаны шэрагу беларускіх пісьменнікаў, узначальвае працэссію “ваякаў з пяром” Якуб Колас, за ім Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пятро Глебка і іншыя.
Рэдакцыя часопіса пад шаржам змясціла верш, які пачынаецца наступнымі радкамі:
Сягоння векапомны дзень: на з’езд свой армія ідзе,
Хоць невялікая па ліку, ды кожны з іх, таварыш мой,
Ці-то малы, ці-то вялікі, літаратурны выйграў бой.
К штыху прыроўнены іх пёры, аб гэтым знае друг і вораг
Сябры-пісьменнікі, я вас вітаю шчыра ў добры час!