Віртуальная музейная экспазіцыя прысвечана жыццёваму і творчаму шляху класіка беларускай літаратуры, ураджэнца Магілёўшчыны, Аркадзя Куляшова, чыё імя з 1978 года носіць Універсітэт.
Творчасць Аркадзя Куляшова – адметная з’ява беларускай літаратуры ХХ ст. Яго вобразныя, дасканалыя паэтычныя радкі раскрываюць складаны духоўны свет сучасніка з яго штодзённым клопатам пра лёс чалавецтва, паказваюць яго моц і трываласць у цяжкіх гістарычных выпрабаваннях. Вядомы крытык і літаратуразнаўца Варлен Бечык ахарактарызаваў паэзію Аркадзя Куляшова як “цэласны лірычны маналог-роздум пра месца чалавека ў грамадстве, пра абавязак мастака, сутнасць паэзіі”.
Віртуальны фармат экспазіцыі дае магчымасць атрымання інфармацыі шырокаму колу карыстальнікаў. У дадзенага рэсурса не толькі інфармацыйна-асветніцкая мэта. Яго місія заключаецца ў захаванні памяці і папулярызацыі культурнай спадчыны Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.
Сярод раздзелаў: біяграфія, грамадская дзейнасць, творчы шлях і літаратурная дзейнасць класіка; фотаздымкі з сямейнага архіва – Аркадзь Аляксандравіч у юнацтве, у ваенны час, у коле сям'і, з пісьменнікамі і чытачамі. Прадстаўлены літаратурныя творы паэта, выдадзеныя ў розны час, бібліяграфічныя крыніцы, спасылкі на поўнатэкставыя матэрыялы і матэрыялы канферэнцыі "Куляшоўскія чытанні".
Асабліва каштоўнымі з'яўляюцца ўспаміны людзей, якія добра ведалі Аркадзя Аляксандравіча і сябравалі з ім. У віртуальнай музейнай экспазіцыі прадстаўлены аўдыё- і відэаматэрыялы.
Асобны раздзел змяшчае інфармацыю аб міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Куляшоўскія чытанні”, якая прысвечана памяці Аркадзя Куляшова і праводзіцца штогод на базе Універсітэта. Таксама прадстаўлены паўнатэкставыя матэрыялы гэтай канферэнцыі.
Праца па стварэнні віртуальнай музейнай экспазіцыі працягваецца і па меры збору інфармацыі, лічбавання кніг і дакументаў раздзелы экспазіцыі будуць папаўняцца.
Запрашаем азнаёміцца з матэрыяламі віртуальнай музейнай экспазіцыі жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова!