У 2017 годзе спаўняецца 500-годдзе вялікай падзеі ў нашай гісторыі, калі ўраджэнец Полацка Францыск Скарына надрукаваў першы экзэмпляр псалтыра ў беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы і тым самым паклаў пачатак айчыннаму кнігадрукаванню.
Уплыў Скарыны на духоўную культуру Беларусі і ўсіх усходнеславянскіх народаў цяжка пераважыць. У шырокім кантэкце як заснавальнік беларускага і ўсходнеславянскага кнігадруку ён вырашальным чынам уздзейнічаў на зараджэнне новай духоўнай цывілізацыі, і ў пэўнай ступені на збліжэнне славянскіх і еўрапейскіх народаў.
Кніга – сапраўды геніяльнае адкрыцце чалавецтва. Яна належыць да тых вынаходстваў, якія не маюць сабе роўных і ніколі не знікнуць з чалавечай цывілізацыі. Беларускае кнігадрукаванне прайшло доўгі і цяжкі шлях, у якім, як у люстэрку, адбіўся шматгранны і часам супярэчлівы лёс беларускага народа. Гісторыя кнігадруку – гэта, перш за ўсё, гісторыя народа, і ўжо толькі па гэтаму да яе трэба адносіцца з павагай як да мінулага нашай Радзімы.
З нагоды святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на сайце бібліятэки МДУ імя А. А. Куляшова размешчана віртуальная выстава «Францыск Скарына, альбо як да нас прыйшлi кнiгi».